Эссе «В списках училища… навечно»
(У спісах вучылішча… навечна)
Автор: суворовец Майоров Ярослав Юрьевич, 5 рота 3 взвод, 10 класс
Руководитель: Буркевич Наталья Андреевна, учитель белорусского языка и литературы
Добры дзень, матулечка!
Вось ужо тры з паловай гады мы жывём з табой ў розных месцах: я ў шумным і мітуслівым Мінску, а ты ў нашых спакойных, мілых Аляхновічах…
Калі я паступіў у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, то спачатку вельмі сумаваў па табе, па сястрычках, а таксама па аднакласніках, па настаўніках. Мне вас так не хапала!
Успамінаю зараз, што першыя дні былі вельмі цяжкімі: новы распарадак дня, новыя людзі. Нас вучылі правільна несці службу ў нарадзе, падшываць каўнерык, засцілаць ложак. Вось ужо 70 гадоў сотні хлопчыкаў з усёй Беларусі імкнуцца сюды, каб стаць “маленькімі генераламі”.
Першага верасня 2020 года! Гэта дзень, калі матулі плакалі ад шчасця, што іх сыны сталі сувораўцамі, атрымалі свае першыя пагоны! І я бачыў толькі твае шчаслівыя вочы!
Памятаю нашу першую вячэрнюю паверку. Камандзір зачытвае спіс роты. І раптам…
– Гвардыі старшы лейтэнант Доўнар Пётр Віктаравіч!
– Загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан.
Хто гэта? Чаму камандзір называе яго імя?
… Наш першы дзень у вучылішчы. Пятая рота сувораўцаў: класы, спартыўны куток, пакой з прасамі, ложкі, тумбачкі, рукамыйнік. Усё такое незвычайнае, незнаёмае, нават дзіўнае. А першае, што мы ўбачылі ў размяшчэнні – гэта акуратна засцелены ложак, а над ім фатаграфія, з якой на нас глядзіць прыгожы мужчына. А побач на сцяне Загад Міністра абароны Рэспублікі Беларусь ад 30 сакавіка 1994 года №118 “Аб залічэнні воінаў-інтэрнацыяналістаў, выпускнікоў Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, у спісы асабістага складу вучылішча навечна”: залічыць у спісы асабістага складу 5 роты Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча старшага лейтэнанта Доўнара Пятра Віктаравіча.
Уяўляеш сабе, мама, што ў першую ноч я доўга не мог заснуць ад той колькасці эмоцый і перажыванняў, што атрымаў за дзень.
Я ўсё думаў, хто ж такі Доўнар Пётр? Што гэта за чалавек? Які быў яго лёс? Чаму яго імя гучыць у сценах вучылішча?
Нарадзіўся Пётр Доўнар 11 ліпеня 1953 года ў вёсцы Языль Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. У 1971 годзе скончыў МСВВ, тут стаў кандыдатам у майстры спорту па кулявой стральбе. Поспехі ў стральбе асабліва спатрэбіліся ў ваенна-дэсатных войсках, куды ён быў накіраваны пасля заканчэння Арджанікідзеўскага ВАКВ. З 28 гадоў свайго жыцця 8 аддаў, каб стаць афіцэрам: Мінскае СВВ, вышэйшае ваеннае…
Служыў у дэсантных войсках, а ў пачатку 1980 года быў накіраваны ў Афганістан камандзірам дэсантна-штурмавой роты. З першых дзён звяржэння ўлады Аміна ступіў Пётр на афганскую зямлю, каб выканаць свой воінскі доўг. Калі чакала асабліва складанае заданне, сябры казалі: “Пеця, злётай, ты ж шчасліўчык”. Не пералічыць баявых заданняў, якія прыйшлося выканаць за паўтара года ў Афганістане.
Пётр загінуў, выконваючы баявую задачу ў Лашкаргахе, што ў правінцыі Кандагар. Доўнар Пётр эвакуіраваў параненых і вяртаўся ўжо да сваёй роты, якая вяла бой каля горада Кандагар. Баявая машына, у якой знаходзіўся дэсант, падарвалася на міне. Пётр паспеў сказаць сябру: “Перадай родным, каб не гаравалі. Са мной усё добра!”
…Апошнія думкі і словы Пятра былі пра родных. 62 лісты адправіў Пятро сваім блізкім з Афганістана. 62 лісты з думкамі, планамі, марамі, надзеямі, словамі падтрымкі. У іх жаданне жыць, імкненне разабрацца ў тым, што адбываецца, адказнасць перад сям’ёй, туга па Радзіме, надзея на вяртанне дадому…
…Апошні ліст…
“6 красавіка 1981 года.
Сумую па табе, мая родная. І Алесечка .. зусім вырасла вялікая, прыеду, напэўна, не пазнаю… Пішы мне часцей, мая родная, бо твае лісты тут для мяне ўсё… Да пабачэння. Цалую вас 10000 разоў. Застаюся навекі твой. Я.”
Навекі. Твой. Я.
Мамачка, ты, напэўна, здзівілася, мая родная, што я не тэлефаную, а пішу табе гэты ліст.
Лісты да маці. Лісты сябрам. Лісты жонцы. Якое ад іх ідзе цяпло! Ты трымаеш ліст, да якога дакраналіся родныя, любімыя, дарагія рукі. І здаецца, дакранешся вуснамі да ліста – і быццам пацалуеш тыя рукі, а яны прытуляць цябе… Рукі сына. Рукі мужа. Рукі бацькі.
Некалькі радкоў з біяграфіі, а колькі эмоцый яны выклікаюць! Ён быў, як і я, сувораўцам, звычайным хлопцам. Напэўна, не заўсёды выконваў загады камандзіра, хадзіў у нарад, бегаў, танцаваў, крыўдзіўся і радаваўся, а потым… потым здзейсніў подзвіг! Я ўглядаюся ў твар гвардыі старшага лейтэнанта Доўнара. Спакойны позірк, кароткая стрыжка, крыху нахмураныя бровы. Звычайны. Як усе. Але ён змог, матуля, ты ўяўляеш, ён атрымаў смяротныя раненні, але выканаў баявую задачу. Я не магу зразумець: як? Гэта ж так страшна, калі вакол выбухі і смерць чакае цябе за кожным аулам, за кожнай сопкай… А ён змог! Ці змагу я?!
Пётр Доўнар у нечым паўтарыў лёс свайго бацькі. Старшына Доўнар Віктар ваяваў у гады Вялікай Айчыннай вайны і быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Пётр жа ўзнагарожданы Ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа” пасмяротна…
Не ведаю, ці паверыш ты мне, родная мая, але я паабяцаў сабе ў тую ноч, што стану сапраўдным сувораўцам, такім, як ён! Я стаў лепш вучыцца, лепш несці службу, зацікавіўся жыццём іншых герояў-сувораўцаў.
15 лютага 2023 года споўнілася 34 гады з дня вываду войск з Рэспублікі Афганістан. Кожны год 15 лютага ў вучылішчы праходзіць мітынг-рэквіем, прыходзяць аддаць даніну памяці і павагі сувораўцы-афганцы, маці і ўдовы загінуўшых.
Успаміны. Жалобная музыка. Кветкі. Залпы. Адна з жанчын, выціраючы слёзы, расказала нам прытчу пра дзеда і ўнука.
— Дзядуля, а колькі ты будзеш жыць? – пытае ўнук у дзеда.
— Да таго часу, унучак, пакуль ты і твае дзеці будуць памятаць мяне! Мы жывём, пакуль памятаюць нас!
Скончыўся дзень. Вячэрняя паверка.
— Гвардыі старшы лейтэнант Доўнар Пётр Віктаравіч!
— Загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан.
Мы памятаем. Мы не забудзем. Вы будзеце жыць!
І пацверджанне гэтаму – адкрыццё на тэрыторыі вучылішча мемарыяла “Выпускнікам Мінскага СВВ, загінуўшым пры выкананні службовых абавязкаў”.
Ой, які ж вялікі атрымаўся ліст! Мамачка, люблю цябе і родных! Перадавай прывітанне ўсім блізкім і знаёмым, маім настаўнікам. Я буду рабіць усё, каб вы мною ганарыліся, каб не падвесці маіх таварышаў, каб з годнасцю несці званне сувораўца!
Цалую і люблю! Твой сын Яраслаў