Чаму я стаў кадэтам?

 Душа твая належыць толькі Богу і гэтым палям,

                                            шабля- ваяводзе справядлівай вайны, жыццё ўсім

                                            добрым людзям, сэрца – каханай. Але гонар і чэсць —

                                            яны належаць толькі табе і больш нікому

                                                                                         Уладзімір Караткевіч

 

У падлеткавым узросце мы заўсёды патрабуем да сябе ад родных і блізкіх людзей найбольшай пільнасці і ўвагі. Так, гэты час супярэчлівы і складаны. Час, дзе табе патрэбна праявіць найбольшую цікавасць да тых жыццёвых пераваг, ідэалаў, якія дапамогуць станаўленню тваёй асобы ў дальнейшым жыцці, асабліва ў выбары будучай прафесіі. Многія сябры — аднагодкі не зразумелі мой першы крок да жаданай мэты: адбыцца  ў  прафесіі, якая будзе ратаваць жыццё чалавека ў самых надзвычайных сітуацыях.  Як гэта  пакінуць утульны  дом, самых родных і блізкіх людзей, якія ўвесь час былі побач і  дапамагалі парадамі і справамі рабіць правільны выбар у складаных жыццёвых сітуацыях. А ў кадэцкім вучылішчы яшчэ неабходна абавязкова падпарадкоўвацца пэўнаму рэжыму дня, трымаць адказ за сваю вучобу і дысцыпліну, каб быць на ўзроўні і  не падвесці сваіх таварышаў. Доўгачаканая  сустрэча пасля расстання і  распытванні пра новую навучальную ўстанову, мая шчырая ўсмешка і цудоўная парадная форма не толькі бянтэжыць  прыяцеляў, але і дае першы адказ на іх непаразуменнне: чаму пачатак свайго юнацтва вырашыў звязаць з нейкім кадэцтвам?

А другі адказ — гэта станоўчы прыклад маёй старэйшай сястры. На дадзены момант яна ўжо курсант чацвёртага курса Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Даша заўсёды з удзячнасцю і павагай успамінае кадэцкае вучылішча. Бо менавіта яно стала першай прыступкай да абранай прафесіі. Добрыя вынікі ў вучобе, фізічнай падрыхтоўцы, грамадскай дзейнасці  дапамаглі ёй стаць курсантам жаданай навучальнай установы. Доўгія і шчырыя размовы з сястрой адкрывалі  мне ўсе складаныя і непаўторныя бакі не толькі  кадэцкага  жыцця, але і будучай прафесіі. Як казаў Н.Гілевіч: “Усё самае галоўнае, самае істотнае і важнае, што ёсць у дарослым чалавеку, — усё адтуль, з гадоў дзяцінства”. Таму я таксама пачаў здзяйсняць сваю мару: ужо з годнасцю нашу кадэцкія пагоны і буду старацца быць добрым прадаўжальнікам сямейнай дынастыі. Ёсць вялікае жаданне атрымаць прафесію выратавальніка. Мая надзея спраўдзіцца толькі тады, калі будзе прыкладзена нямала намаганняў. Бо  годна выконваць свае прафесійныя абавязкі: быць побач з чалавекам у складанай сітуацыі, папярэджваць аб небяспецы і ратаваць жыцці людзей – вельмі адказная справа. Выратавальнікі (а я ў гэтым упэўніўся) не здабываюць сабе знакамітасць і славу на чужым горы. Яны не выхваляюцца гераічнымі ўчынкамі, а рызыкуючы жыццём, з гонарам і пачуццём доўгу выконваюць свае абавязкі. На маю думку, гэта прафесія прэстыжная, бо будзе патрэбнай ва ўсе часы. Яна, як і служба ў арміі, дае магчымасць юнакам стаць сапраўднымі мужчынамі, абаронцамі ад розных напасцяў.

Кадэцкае вучылішча — гэта толькі пачатак майго шляху да жаданай прафесіі. Я ўпэўнены, што яно дапаможа набыць добрую фізічную падрыхтоўку, быць дысцыплінаваным, арганізаваным, адказным за свае ўчынкі. Тут будзе больш магчымасцей, каб пазнаёміцца з будучай прафесіяй. А яна будзе прыносіць задавальненне толькі тады, калі будзе адпавядаць рысам характару.

Вось мой і трэці адказ, а хутчэй пажаданне маім сябрам. Не губляйце дарэмна часу, здымайце “ружовыя акуляры” і прыкладайце намаганні, каб спраўдзіліся вашы юнацкія мары ў набыцці прафесіі. І якімі б рознымі ні  былі погляды ў гэтым выбары, галоўнае тое, каб ён прыносіў табе задавальненне і  быў карысны людзям.  Скарб любой краіны – гэта людзі! Яны ўслаўляюць сваю зямлю, нясуць у свет яе добрае імя. Наша Беларусь – мужны, працавіты, гасцінны край. І хутка мы будзем прадаўжальнікамі і стваральнікамі яе духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей. Я ўпэўнены, што кадэцтва – гэта  парасткі грамадзянскасці і добрасумленнасці, якімі мы мэтанакіравана авалодваем у  вучылішчы. Яны стануць добрай падтрымкай пры набыцці маёй прафесіі. А выток павагі,  гонару   за сваю краіну па-сапраўднаму пачынаецца з авалодання ганаровай і патрэбнай прафесіяй. Хутка адказнасць за дабрабыт і спакой суайчыннікаў прыйдзецца ўзяць і мне – беларускаму кадэту.

Касянік Ягор Алегавіч

 Дзяржаўная ўстанова адукацыі  “Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча”

Мая надзейная падтрымка і дапамога
Мая надзейная падтрымка і дапамога
Кадэцтва – першы крок у будучую прафесію
Оцените статью
Поделиться с друзьями
Белорусский союз суворовцев и кадет