Я ў міліцыю пайду – няхай мяне навучаць!

Рашучы крок.

Рашучы крок. Зрабіць яго складана,

Але ён неабходны ў жыцці

Не сыплецца даўно ўжо з неба манна,

З ім толькі можна к поспеху дайсці.

Анатолій Балуценка

Самыя важныя гады свайго жыцця чалавек праводзіць у школе. Менавіта тут ён знаходзіць сапраўдных сяброў, вызначае выбар сваіх захапленняў. Упершыню сутыкаецца з жыццёвымі цяжкасцямі і радуецца сваім першым перамогам. Школа дае нам не толькі веды, але і рыхтуе да дарослага жыцця. Нездарма кажуць: ,,Школьныя гады — гэта найлепшы час у жыцці”. А яшчэ яна дапамагае выхаваць у табе асобу, грамадзяніна сваёй краіны.

На дадзены момант я вучуся ў кадэцкім вучылішчы. Гэта быў мой выбар. Розніца вялікая са звычайнай школай: у першую чаргу – дысцыпліна, па-другое, — большая адказнасць за свае ўчынкі, бо ты са сваім калектывам жывеш адной сям’ёй, па-трэцяе, — высокая патрабавальнасць да вучобы і фізічнай падрыхтоўкі. У наступным годзе я ўжо выпускнік. З аднаго боку прыемна, бо адчуваеш сябе дарослым чалавекам. З другога — трывожна, бо хутка не будзе побач маіх аднакласнікаў, настаўнікаў, верных сяброў. А яшчэ адказна, бо трэба будзе ісці па далейшай дарозе жыцця самастойна. Прыйдзецца набірацца вопыту і шукаць сваё прызначэнне на гэтай зямлі…

А што для меня гэта значыць? Найперш упэўнена зрабіць рашучы самастойны крок у выбары будучай прафесіі. Лічу, што гэта адзін з самых адказных момантаў у жыцці любога чалавека. Тут у мяне ўжо не ўзнікае сумненняў-выбар зроблены! Ёсць вялікае жаданне быць курсантам Акадэміі МУС. Не сумняваюся, што будзе складана і адказна прадоўжыць сямейную традыцыю: стаяць на абароне правоў і законаў, мірнага жыцця грамадзян нашай Айчыны.

Жыві, шукай, усё рабі як след,

 Каб на Радзіме твой свяціўся след.

Не магу не пагадзіцца з простымі і шчырымі радкамі Сяргея Грахоўскага аб прызначэнні чалавека. У маёй сям’і заўсёды адказна ставіліся да таго, як прайсці жыццёвы шлях і пакінуць добрыя ўспаміны будучым пакаленням.

У наступным годзе мы будзем адзначаць вялікае свята – 75-годдзе Перамогі над фашысцкімі захопнікамі.

Змяніліся пакаленні… Усё менш сярод нас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. А памяць пра іх жыць будзе вечна, і ніхто не перапіша нашу гісторыю.

Так і ў маёй сям’і. Мой прапрадзед, Камярысты Максім Раманавіч, пайшоў на вайну добраахвотнікам ва ўзросце сарака гадоў. Ён амаль аднагодак стагоддзя, бо нарадзіўся ў 1901 годзе. Служыў сапёрам. Акрамя размініравання, прыйшлося займацца ўзвядзеннем абарончых пазіцый, мастоў, пераправаў і іншых ваенных збудаванняў. Ваяваў пад Сталінградам і быў паранены. Яго ўзнагародзілі медалём ,,За абарону Сталінградa’’. Гэта першы медаль у нашай сям’і. Цяжкімі ваеннымі шляхамі дайшоў да Будапешта. Пачаў і скончыў службу радавым. За гэты баявы шлях знайшла яго ўзнагарода — медаль ,,За перамогу над Германіяй’’. У пасляваенны час былі іншыя ўзнагароды, але дзядуля асабліва даражыў двума медалямі ваеннага часу.

Мой прадзед, Камярысты Уладзімір Максімавіч, служыў тэрміновую вайсковую службу на востраве Сахалін авіяцыйным механікам самалёта Міг 15. Яго служба пачалася ў 1949 годзе і працягвалася да 1953 года. Службу скончыў сяржантам. Яго полк прымаў удзел у баявых дзеяннях у Карэі. Пасля дэмабілізацыі працаваў вадзіцелем грузавога аўтамабіля. За старанную працу быў узнагароджаны ордэнам ,,Знак пашаны”. Гэта першы ордэн у нашай сям’і.

Мой дзед, Камярысты Юрый Уладзіміравіч, пасля тэрміновай вайсковай службы працягнуў служыць у міліцыі. У званні маёра на пасадзе начальніка міліцыі грамадзянскай бяспекі праслужыў 27 гадоў. Ён – першы афіцэр у нашай сям’і. Прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобальскай АЭС.

За час службы яго ўзнагароджвалі рознымі медалямі. Пасля звальнення ў запас дзядуля працаваў галоўным спецыялістам у мабілізацыйным аддзяленні ваенкамата, затым майстрам вытворчага навучання ДТСААФ. Зараз ён працуе ахоўнікам у прадуктовай краме. І што б вы думалі! Нядаўна ім быў затрыманы неаднаразова судзімы злачынец, узброены нажом. Па-майстэрску дзядуля прымяніў фізічную сілу і баявыя прыёмы. Злачынец быў перададзены нараду міліцыі, якая прыехала на дапамогу. За затрыманне правапарушальніка дзядуля Юрый зноў атрымаў узнагароду. І ён у сваім ужо сталым узросце адчуў сябе зноў у страі.

Не дзіўна, што мая прафесія будзе прадаўжаць сямейную дынастыю. Хачу быць афіцэрам. Усе ведаюць пра даўнюю традыцыю насіць на грудзях нагрудны знак аб заканчэнні кадэцкага ці сувораўскага вучылішча, а пад кіцелем — пагон кадэта. Гэта як памяць аб нашай ,,кадэтцы’’, як даніна павагі выкладчыкам.

Кадэцкі пагон — пачатак вернасці сваёй справе. Вандруючы з курсанцкага кіцеля на лейтэнанцкі мундзір, і далей. Ён заўсёды будзе займаць сваё пачэснае месца і на маім мундзіры. Так хочацца ажыццявіць свае мары. Кажуць, што ад свайго лёсу не ўцячэш і не схаваешся. Нібыта лёс чалавека ўжо прадвызначаны з дня яго нараджэння. Плысці па волі лёсу не з маім характарам! Прыслухаюся лепш да такога выказвання: кожны чалавек — каваль свайго лёсу і шчасця.

Зразумела, што нашы бацькі і дзяржава ўскладаюць на нас найлепшыя надзеі: сумленна выконваць грамадзянскія свае абавязкі, знайсці сябе ў абранай прафесіі, быць прыкладам для сваіх дзяцей і проста быць сапраўдным чалавекам. І з самага маленства яны нам у гэтым дапамагаюць.

Ці быць мне прадаўжальнікам сямейнай традыцыі — залежыць толькі ад мяне самога. На працягу сваёй вучобы ў кадэцкім вучылішчы я прыкладаю вялікія намаганні, каб мне пашанцавала паступіць у Акадэмію МУС.

Нястомная праца над сабой, выхаванне ў сабе байцоўскага характару, развіццё сваіх прафесійных здольнасцей, фізічная дасканаласць – гэта ўсё, што я змагу атрымаць у выбранай мной навучальнай установе. І паспяхова прымяніць у такой складанай, небяспечнай, але ганаровай прафесіі, да якой я ўжо колькі часу імкнуся. Вось такі ў мяне наступны рашучы крок па жыццёвай дарозе.

 

Лешчанка Ігар Андрэевіч, Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча” Х “Б” клас

1 месца ў намінацыі » Я ў міліцыю пайду-хай мяне навучаць!»

XV Рэспубліканскага творчага конкурсу сачыненняў-эсэ «Мы выбіраем шлях», прысвечаны беларускай міліцыі і 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

Оцените статью
Поделиться с друзьями
Белорусский союз суворовцев и кадет