У гады вайны пад Віцебскам адбываліся жорсткія баі. Наша камандаванне спрабавала прарваць фронт у двух месцах (насупраць Капцей і Старога Сяла) і акружыць варожую групоўку. 9 месяцаў савецкія войскі не маглі ўзяць горад і неслі цяжкія страты. Асабліва жорсткімі былі баі пры фарсіраванні р. Лучосы каля в. Навікі. За месяц баёў 215 стралковая дывізія страціла 2548 байцоў, 173 сд – 2017 салдат. Толькі 12–13 лютага 1944 года у час наступлення на вёску па полі асталіся згарэўшымі 12 САУ і 9 нашых танкаў. Большасць належалі 735-му самаходна-артылерыйскаму палку. Камандзірамі экіпажай былі курсанты 2-га Растоўскага артылерыйскага вучылішча. Для большасці з 19-гадовых хлопцаў гэта быў першы і апошні бой. Амаль усе яны згарэлі ў самаходках і доўгі час лічыліся прапаўшымі без вестак. Дзякуючы сумеснай працы пошукавікоў Беларусі і Расіі, і асабліва М.В. Фраловай, чый дзядзя – М.І. Лашкоў быў цяжка паранены тут і пазней памёр ад ран, імёны большасці танкістаў удалося вызначыць. У памяць загінуўшых каля вёскі ўтвораны мемарыял “Плацдарм Навікі”.
13 лютага 2022 г. кадэты Віцебскага кадэцкага вучылішча зрабілі паход на гэты мемарыял. Яны расчысцілі снег, усклалі кветкі да магіл, дзе пакояцца 130 невядомых савецкіх салдат, узгадалі падзеі амаль 80-гадовай даўніны, хвілінай маўчання пачцілі памяць загінуўшых.
Вяртаючыся ў Віцебск, кадэты наведалі і іншыя помнікі, воінскія пахаванні, месцы памяці, якія знаходзяцца на шляху. Гэта помнік 1-й штурмавой камсамольскай брыгадзе рэзерва Вярхоўнага галоўнага камандавання каля паварота на в. Сялюты. Помнік узведзены будатрадам “Гарашчыя сэрцы” яшчэ ў 1976 г. У в. Шапуры вучні ўсклалі кветкі да воінскага пахавання № 4420, якое з’яўляецца адным з самых вялікіх у нашай краіне. Тут мемарыялізаваны імёны больш за 17 тысяч савецкіх салдат.
У аг. Акцябарская кадэты наведалі алею памяці імя Героя Савецкага Саюза Пятра Васільевіча Шысцерава, які загінуў каля в. Шапуры і мемарыяльны знак у гонар 293 артылерыйскага палка Рэзерва Галоўнага камандавання.
У савецкія часы існавала традыцыя “зорных” паходаў, якія ладзіліся ўзімку на месцы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Цыкл такіх паходаў распрацаваны ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы. Паход у Навікі, Акцябарскі —
Наперадзе яшчэ шмат паходаў па месцах памяці: на возера Лосвіда, Вароны, Заронава, Копці, Вымна, Сураж, Сушчова і іншыя месцы звязаныя з ключавымі падзеямі нашага гераічнага мінулага.
Падрыхтаваў: Настаўнік гісторыі, Півавар М.В.