Старонкі памяці: ганаруся сваёй сям’ёй і продкамі, якія грудзямі абаранялі Айчыну падчас ваеннага ліхалецця

Столькі вынесшы гора, нягод,

І бяды, і жуды, і агню,

Ты, Радзіма, на тысячы год

Заслужыла сабе цішыню.

Н.Гілевіч

Вакзал — гэта заўсёды людская гамонка, мітусня, бесперапынны рух. Звычайна тут няма часу, каб спыніцца, азірнуцца і падумаць. Жыццё чалавека таксама параўноўваюць з гэтым вірлівым месцам. Другая справа, калі сядзіш ужо ў цягніку. І тут можна сцішыцца, гледзячы ў акно, паразважаць, успомніць любімыя радкі вершаў і песень. Настрой цудоўны! Дарога дадому заўсёды для мяне лёгкая і прыемная. Можа, таму што я пакінула сваю сям’ю і гарадок хоць і не з вялікім задавальненнем, але з жаданнем вучыцца ў кадэцкім вучылішчы. Дзяўчынак у вучылішчы нямнога, таму, як кажуць, «трэба трымаць марку». Не толькі адказна адносіцца да вучобы, сваіх абавязкаў, а яшчэ не ўступіць хлопцам у фізічнай падрыхтоўцы. Затое раздолле на сцэне…

А за акном цягніка вочы ўжо ловяць усё новыя і новыя малюнкі прыроды. І прыгажэйшыя, экзатычныя ёсць мясціны, вядома. Але найбольш розумам прымаеш чужую прыгажосць, а сэрцам усё-такі цягнешся туды, куды хутка вязе цябе цягнік — дамоў. Асабліва цяпер, калі з’ехала з дому, разумею, што дом -гэта месца, дзе дапамогуць, падкажуць, як «зрабіць работу над памылкамі» за свае не вельмі добрыя ўчынкі.

Я нядаўна прачытала, што той шчаслівы па-сапраўднаму, хто шчаслівы дома. Нездарма нашы продкі аберагалі і шанавалі свой род і месца, дзе ён пачаўся і працягваецца. Беларуская шляхта, напрыклад, з гонарам узгадвала пра сваіх родапачынальнікаў. А сяляне лічылі абавязковым веданне свайго радаводу да пятага — сёмага калена.

На жаль, сёння я не змагу расказаць пра ўсіх сваіх прашчураў. Але ніколі не позна пачаць працу над захаваннем гісторыі свайго роду. Аповеды прадстаўнікоў старэйшага пакалення стануць падмуркам для такіх звыклых слоў як «дом»,»сям’я», якія мы часта чуем. Мне асабліва прыемна, што ні адно наша сямейнае свята не абыходзіцца без цёплых размоў, праглядаў фотаздымкаў і ўспамінаў. Так хочацца, каб і мае дзеці і ўнукі пайшлі такой дарогай і ўспомнілі добрым словам тых, хто быў да іх. Не заўсёды гэтыя ўспаміны толькі радасныя.

Вялікая Айчынная вайна закранула кожную сям’ю ў нашай краіне. Не абышла яна і маіх прадзедаў.

Мой прадзед, Куцко Емяльян, на шчасце, вярнуўся дадому жывым. Але звестак аб тым, дзе ён ваяваў, на жаль, не маем.

А вось прадзед, Цімашэвіч Васіль Дзмітрыевіч, 1925 года нараджэння быў залічаны ў рады Чырвонай арміі ў ліпені 1944 года. У 515 стралковым палку прадзед быў наводчыкам кулямёта, там жа яму было прысвоена званне малодшага сяржанта.

Ён удзельнічаў у вызваленні польскіх гарадоў Варшава, Познань, Лодзь, а таксама прымаў удзел у фарсіраванні ракі Одар. Тут яго цяжка параніла. Куля прайшла ўсяго ў сямі міліметрах ад сэрца. Выздараўленне было доўгім і цяжкім: шпіталі Германіі, Польшчы і Беларусі з красавіка 1945 года па май 1946 года. Вельмі ўсхвалявалі і да слёз кранулі старонкі з ваеннай біяграфіі дзеда Васіля.

Была пастаўлена задача перайсці Одар. Але зрабіць гэта ніяк не ўдавалася, бо перашкаджаў дзот. З яго вёўся моцны кулямётны агонь і не даваў праходу пяхоце. Прадзед атрымаў заданне яго знішчыць.

Яму выдалі тры гранаты і далі такі загад: “Дзве гранаты для знішчэння дзота, а трэцяя – для цябе, калі дзот не будзе знішчаны.” Папоўз выконваць загад… Закінуў адну гранату, другую… пашанцавала, бо замоўклі кулямёты, а з трэцяй вярнуўся да сваіх жывы і здаровы. За фарсіраванне ракі Одар і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм дзядуля Васіль быў узнагароджаны ордэнам Славы трэцяй ступені. Потым спыніліся ў абароне на тры месяцы. І толькі ў красавіку перайшлі ў наступленне. Дзядулеў кулямёт прыкрываў пяхоту. Быў жорсткі пякельны бой. У ім ён быў цяжка паранены. За гэты бой Васіль Дзмітрыевіч быў прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Славы другой ступені. Паколькі месца знаходжання героя было дакладна невядомае, узнагароду выслалі на дамашні адрас, у Вульку-Аброўскую Івацэвіцкага раёна. Перамогу сустрэў у шпіталі. Толькі пасля дзесяці месяцаў лячэння ён вярнуўся ў сваю родную вёску. Тое, што ўбачыў, вельмі ўзрушыла і расхвалявала: вёска была спалена, засталася толькі царква. Яна і дала надзею адбудаваць вёску нанава.

Сустрэча з роднымі была і радаснай, і засмучанай. Не сустракалі франтавіка бацька, адна з дзвюх сясцёр, брат. Яны загінулі ў час аблавы.

Нялёгкімі былі першыя гады мірнага жыцця. Трэба было многа дапамагаць немалой сям’і. З успамінаў родных, дзядуля быў вельмі сціплым чалавекам. Ніколі не выхваляўся перад іншымі сваім баявым мінулым. Ён выканаў свой абавязак у такі адказны для Радзімы час. Лёс яму падараваў жыццё, а ён усміхаўся і казаў: ”Проста пашанцавала”.

Для мяне ўспаміны дзядулі пра трагічныя старонкі нашай гісторыі – самы неацэнны скарб, які я павінна зберагчы для наступных пакаленняў нашай вялікай сям’і. Колькі сябе памятаю, кожны год мы ўсе разам прыязджалі віншаваць дзядулю Васіля з Днём Перамогі. І калі яго не стала, мы не парушаем гэтай традыцыі: абавязкова 9 Мая наведваем яго магілу.

Ні адзін раз задумвалася: ці змагла б я вынесці і перажыць тое, што выпала на лёс пакалення ваеннай пары? Адразу не адкажаш…

Ведаю, што за ўсе чалавечыя каштоўнасці: спакойнае жыццё, дабрабыт, шчаслівую будучыню, мы павінны быць удзячнымі ў сённяшні час сваёй памяццю. Наша памяць не толькі абавязак нашага сумлення, але і падмурак для захавання мірнага жыцця.

З гонарам магу назваць сваю краіну – мірнай. І вельмі спачуваю людзям, дзе ідзе вайна, адбываюцца тэракты. Таму для нас высокая адказнасць — быць нашчадкамі Перамогі і шанаваць святую нашу Беларусь!

 

Басік Анастасія Дзмітрыеўна, Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча” Х “Б” клас

1 месца ў намінацыі «Старонкі памяці: ганаруся сваёй сям’ёй і продкамі, якія абаранялі Бацькаўшчыну ў гадзіну ваеннаг ліхалецця” XV Рэспубліканскага творчага конкурсу сачыненняў-эсэ «Мы выбіраем шлях», прысвечаны беларускай міліцыі і 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

Оцените статью
Поделиться с друзьями
Белорусский союз суворовцев и кадет