Сувораўскі пунсовы пагон заўсёды са мной!

4 лістапада ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы прайшоў Дзень сустрэчы выпускнікоў, на які завіталі больш за 1500 сувораўцаў, якія скончылі вучылішча ў розныя гады.

Яшчэ да пачатку афіцыйных мерапрыемстваў госці змаглі пабываць у сваіх былых памяшканнях, удакладніць інфармацыю пра таварышаў па службе, атрымаць сувеніры, набыць кнігі пра роднае вучылішча.

У 11.00 на страявым пляцы адбыўся мітынг, прысвечаны 70-годдзю ўтварэння Мінскага СВВ, на якім выступілі начальнік вучылішча палкоўнік Дзмітрый Кучук, старшыня Міжнароднай асацыяцыі сувораўскіх, нахімаўскіх і кадэцкіх аб’яднанняў «Кадэцкае братэрства», выпускнік першага выпуску вучылішча генерал-палкоўнік Пётр Чавус, старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў» палкоўнік Сяргей Жыціхін.

Начальнік вучылішча палкоўнік Дзмітрый Кучук

Пасля выканання сувораўцамі гімна вучылішча, удзельнікі мерапрыемства прайшлі  ўрачыстым маршам.
Затым святочна адкрылі помнік «Выпускнікам Мінскага СВВ, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў», усклалі вянок і кветкі да яго.

Падчас цырымоніі адкрыцця помніка выступіў старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі членаў сем’яў вайскоўцаў, якія загінулі ў Афганістане, «Памяць і абавязак», удаве гвардыі старшага лейтэнанта Пятра Доўнара — Тамары Доўнар.

— Калегі майго мужа, вашага выпускніка 1971 года, Пятра Доўнара, а яны служылі ў парадным Кастрамскім палку, заўсёды жартавалі: «Вось пачнецца вайна, усе пойдуць ваяваць, а мы будзем рыхтавацца да параду Перамогі». Але ўсё здарылася не так. У канцы 1970-х гадоў у мірнае жыццё раптам уварвалася слова «Афганістан». Для нашага пакалення гэта была не проста далёкая краіна, гэта была вайна, страшная, не абвешчаная, і як потым высветлілася, самая доўгая вайна XX стагоддзя. 15 лютага наступнага года споўніцца 35 гадоў з дня вываду савецкіх войск з Афганістана. І ўсе гэтыя гады мы жывём пад мірным небам, і нашы салдаты не ваююць ні на сваёй, ні на чужой зямлі, — адзначыла Тамара Доўнар. — Ад імя сем’яў загінулых сувораўцаў дзякую кіраўніцтву вучылішча, выкладчыкам, супрацоўнікам за тое, што вы здолелі ўвекавечыць імёны загінулых выпускнікоў і зрабілі ўсё магчымае, каб з’явіўся новы помнік. Толькі сапраўдныя патрыёты сваёй Радзімы захоўваюць памяць аб загінуўшых. Міру нам усім і дабра.

Дзень сустрэчы выпускнікоў завяршыўся азнаямленнем гасцей з вучэбна-матэрыяльнай базай вучылішча.

старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі членаў сем’яў, якія загінулі ў Афганістане, «Памяць і абавязак», Тамара Доўнар.

Даведачна: Установа адукацыі «Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча» па праве знаходзіцца ў ліку перадавых навучальных устаноў Рэспубліка Беларусь. У сценах вучылішча пуцёўку ў жыццё атрымалі больш за 13 тысяч юнакоў, з якіх — больш за 360 скончылі вучылішча з залатым медалём, 453 — з сярэбраным. Больш за 70 выпускнікоў сталі генераламі, больш за 160-кандыдатамі навук, дацэнтамі і прафесарамі.

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Фота аўтара

Источник
Оцените статью
Поделиться с друзьями
Белорусский союз суворовцев и кадет