У месцы натхнення

Прайсціся брукаванымі сцежкамі, дакрануцца да векавых дрэў, пастаяць ля валуноў, на якіх высечаны радкі з твораў знакамітага класіка беларускай літаратуры, пераступіць парог хаты, дзе нарадзіўся і пражыў адзін год свайго маленства Янка Купала. Усяго адзін год! Гэтага дастаткова, каб вёска Вязынка назаўсёды стала месцам сілы і натхнення беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, музыкантаў, мастакоў.

Дзякуючы пастанове аб “Аб пілотным праекце арганізацыі правядзення экскурсій” 19 сакавіка вучням 10 “А” і 10 “Б” класаў таксама пашчасціла наведаць Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Вязынка”, які размясціўся на плошчы ў 21 гектар.

Гэтае месца для сучаснай моладзі цікавае не толькі тым, што тут, у такім маляўнічым кутку Беларусі, нарадзіўся знакаміты класік, пясняр, легенда нашай літаратуры, але і самабытнай архітэктурай, прадметамі побыту. Як часта ў творах беларускіх пісьменнікаў узгадваецца лучынка! І толькі ў Вязынцы кадэты ўбачылі гэты кавалак дрэва, які замяняў свечкі. Драўляны хадунок, калыска, ступа, жорны, – прылады, якімі карысталіся ў паўсядзённым жыцці беларусы дзевятнаццатага стагоддзя, выклікалі вялікую цікавасць у сучаснай моладзі.

Вучні выказалі жаданне ўбачыць святкаванне ў Вязынцы Купалля і Багача, якія збіраюць шмат дзеячоў культуры ў запаведніку. Спадзяёмся, што гэтае жаданне спраўдзіцца.

Оцените статью
Поделиться с друзьями
Белорусский союз суворовцев и кадет