Тыдзень беларускага пісьменства распачаўся для нас, кадэтаў і выхаванцаў, цікавымі сустрэчамі, конкурсамі, падарожжамі.
Адкрыццё Тыдня прайшло з актрысай Віцебскага нацыянальнага драматычнага тэатра Імя Я.Коласа Раісай Сцяпанаўнай Грыбовіч. Яркая, запамінальная, неардынарная, яна і ў залу ўвайшла з песняй. Нечаканасцей пасля хапала і на сцэне. Раіса Сцяпанаўна па-майстэрску ўцягнула ў гульню і кадэтаў, і выхаванцаў. Спявала, чытала свае вершы, акцёрскія маналогі. Гадзіна праляцела незаўважна, шкада было расставацца.
У праграме Тыдня была запланавана і паездка па коласаўскіх мясцінах. Кожнаму чалавеку, які прачытаў Коласаву “Новую зямлю”, хочацца пабываць на Стаўбцоўшчыне. Нам пашчасціла: мы прайшліся сцежкамі, якімі хадзіў сам Колас. Наведалі Акінчыцы, Смольню, пабывалі ў музейных залах, паслухалі цікавыя расповеды экскурсаводаў.
“Мой родны кут, як ты мне мілы…”, – неаднаразова ўсплываў у памяці гэты радок з паэмы. Уражанне было такое, быццам мы вярнуліся на пачатак дваццатага стагоддзя і разам з дзядзькам Антосем выраблялі лыжкі і кашы, разам з Ганнай пяклі аладкі. Дзень выдаўся як на заказ – цёплы, сонечны. Не хацелася вяртацца дамоў. Незабыўны маршрут.
Агнішчанка Анастасія, кадэт 11 “Б” класа