19 лютага 2022 года ў дзяржаўнай установе адукацыі “Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі” прайшоў дзень адчыненых дзвярэй. Педагогі і кадэты, рыхтуючыся да сустрэчы, распрацавалі экскурсійныя маршруты, падрыхтавалі яркую прэзентацыю пра жыццё ў кадэцкім вучылішчы, інфармацыйныя буклеты пра асаблівасці прыёму ў наша вучылішча, фотавыставу пра будні і святы ў вучылішчы.
Сярод гасцей у гэты дзень былі школьнікі – больш за сто чалавек – з розных раёнаў Магілёўскай вобласці i Аршанскага раёна Вiцебскай вобласцi, якія прыехалі разам з бацькамі і настаўнікамі, каб пабачыць жыццё кадэт знутры, адчуць дух кадэцкага братэрства. Некаторыя хлопцы прызналіся, што так блізка да сваёй мары стаць кадэтамі яны яшчэ не падступалі…
На ўваходзе ў вучэбны корпус гасцей сустракалі кадэты ў параднай форме: у кіцелі з чырвонымі пагонамі, шэўронамі, аксельбантамі, нагруднымі знакамі, у фуражцы з чырвоным аколышам – увасабленне вайсковай выпраўкі, высакародства і галантнасці. Кадэты паказалі прысутным сучасныя абсталяваныя вучэбныя кабінеты і спальныя памяшканні, спартыўную і трэнажорную залы, сталовую і бібліятэку, лазерны цір, дзе можна было праверыць сваю меткасць, і кабінет дапрызыўнай падрыхтоўкі.
Пасля экскурсіі ўсіх гасцей запрасілі ў актавую залу, дзе быў паказаны відэафільм аб гісторыі ўзнікнення і развіцця нашай установы адукацыі, аб нашых традыцыях і найбольш значных падзеях, у якіх удзельнічаюць магілёўскія кадэты. Перад прысутнымі выступіў дырэктар вучылішча Грышанаў Юрый Аркадзьевіч, які падрабязна расказаў аб правілах прыёму ў кадэцкае вучылішча і ўмовах навучання ў ім, адказаў на пытанні гасцей.
На сцэне кадэты спявалі, дэманстравалі прыёмы рукапашнага бою і страявыя прыёмы са зброяй. Потым запрасілі тых, хто жадае, навучыцца некаторым прыёмам, а яшчэ паказалі, як за дзевяць секунд разбіраць аўтамат Калашнікава. Уражанні гасцей мяняліся, як шкельцы ў калейдаскопе!
Пакідаючы кадэцкае вучылішча, школьнікі і дарослыя дзякавалі нам за добра падрыхтаванае, цікавае і змястоўнае мерапрыемства. І мы спадзяёмся, што многія з тых хлопцаў, якія наведалі наша вучылішча ў гэты дзень, захацелі стаць кадэтамі, каб тут загартоўваць волю, узмужняць характар, мацаваць сілы.
Настаўнiк беларускай мовы i лiтаратуры Вараб’ёва Алена Анатольеўна