Даніна павагі

У Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста, які адзначаўся 27 студзеня, навучэнцы Віцебскага кадэцкага вучылішча наведаліся ў г.п. Янавічы, каб аддаць даніну павагі ахвярам вайны.

Гэта дата ўведзена Генеральнай Асамблеяй ААН у 2005 годзе, а чысло абрана таму, што ў гэты дзень 1945 года савецкія войскі вызвалілі вязняў канцэнтрацыйнага лагера Асвенцым.

Халакост – гэта масавае праследаванне і знішчэнне фашыстамі яўрэяў у гады другой сусветнай вайны, больш за 6 млн чалавек сталі ахвярамі нацызму.

Да вайны больш паловы насельніцтва мястэчка Янавічы складалі яўрэі. Амаль усе яны былі знішчаны фашыстамі. Старшыня Янавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Ізобаў па ўласнай ініцыятыве правёў нас да могілак, што знаходзяцца непадалёк ад вёскі Сцяпная ва ўрочышчы Стрэлка на беразе безыменнага ручая.

Тут пахаваны 230 яўрэяў, забітых фашыстамі летам 1941 года. Кадэты адчысцілі ад снегу помнік і ўсклалі кветкі на магілу. Ад Аляксандра Аляксандравіча мы даведаліся, што ва ўрочышчы плануецца стварыць парк Памяці. Адбылася сустрэча з мясцовай жыхаркай Раісай Генадзьеўнай Сапачковай, якая нарадзілася ў Янавічах у 1932 годзе. Жанчына падзялілася сваімі ўспамінамі пра мястэчка ў часы вайны.

Калі пацяплее, плануем наведаць месца знішчэння вязняў янавіцкага гета, якое знаходзіцца ў 12 км ад гарадскога пасёлка ва ўрочышчы Зайцава, а потым пабываць на месцы загубы яўрэяў Суража.

А. Мельнікаў,

віцэ-сяржант узвода 11“В” класа

Оцените статью
Поделиться с друзьями
Белорусский союз суворовцев и кадет